Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Культура
Культура

Музейны фонд Гомельскай вобласці павялічыўся на 25 тыс. прадметаў за пяць гадоў

11.03.2021
11 сакавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. У Гомельскай вобласці колькасць музейных прадметаў асноўнага фонду павялічылася на 25 тыс. адзінак за апошнія пяць гадоў. Такую лічбу агучыў 10 сакавіка начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі на падагульняючай калегіі галоўнага ўпраўлення, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На пасяджэнні разгледзелі вынікі работы ўстаноў культуры рэгіёна ў 2020 годзе, выкананне дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі на 2016-2020 гады", для якой мінулы год быў завяршальным.

Паводле слоў Дзяніса Язерскага, паказчык дзяржпраграмы "Павелічэнне аб'ёму музейнага фонду" ў рэгіёне выкананы на 106,7 працэнта пры планавым заданні 106,5 працэнта. "Колькасць музейных прадметаў асноўнага фонду на працягу 5 гадоў павялічылася на 25 тыс. адзінак захоўвання", - удакладніў ён.

У той жа час, звярнуў увагу начальнік галоўнага ўпраўлення, музеям неабходна выбудаваць сістэмную работу ў віртуальным свеце, больш актыўна рэкламаваць культурны прадукт, прымяняць новыя сучасныя формы і метады, каб прыцягнуць наведвальніка.

Адной з важных падзей у сферы музейнай дзейнасці мінулага года Дзяніс Язерскі назваў адкрыццё новага будынка Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея. Завершана і будаўніцтва музея пад адкрытым небам на месцы старажытнай верхнепалеалітычнай стаянкі першабытнага чалавека ў Юравічах Калінкавіцкага раёна.

Акрамя таго, у мінулым годзе ўведзены Камунараўскі палац культуры ў Буда-Кашалёўскім раёне. "Асобна трэба спыніцца на рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу "Ала" ў Светлагорскім раёне. Гэта быў сапраўды народны праект: пачынаючы ад самой ідэі, яе данясення да кіраўніцтва вобласці і краіны, заканчваючы ўсенародным зборам сродкаў", - нагадаў Дзяніс Язерскі.

Нягледзячы на тое, што эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі і за мяжой унесла істотныя карэктывы, культурная афіша Гомельскай вобласці была напоўнена яркімі і цікавымі мерапрыемствамі, лічыць кіраўнік. Праводзіліся фестывалі, святы, конкурсы. Творчыя калектывы шасці тэатральна-відовішчных устаноў вобласці правялі каля 1,5 тыс. мерапрыемстваў, якія наведалі больш за 200 тыс. гледачоў. Канцэртныя арганізацыі падрыхтавалі 13 новых праграм, тэатры выпусцілі 20 новых пастановак.

Сваю творчасць тэатры і канцэртныя арганізацыі Гомельскай вобласці прадставілі і ў Мінску, Маладзечне, Магілёве, Полацку, Оршы, Брэсце, Гродне, Віцебску, Кіеве, Адэсе і іншых гарадах.

На кінасеансах у рэгіёне пабывалі 550 тыс. чалавек.

Гаворачы аб клубных установах, Дзяніс Язерскі адзначыў іх работу ў інтэрнэце. "Практычна ўсе ўстановы культуры вобласці маюць свае старонкі ў сацыяльных сетках, дзе ў анлайн-рэжыме паказваюць майстар-класы, канцэрты, праводзяць акцыі, выстаўкі і іншыя мерапрыемствы. Колькасць анлайн-праглядаў за год - каля 3 млн", - канстатаваў ён. Больш чым на трэць павялічылася і колькасць віртуальных наведванняў бібліятэк.

"2020 год, напэўна, для ўсіх галін выдаўся няпростым. Пандэмія ўнесла карэктывы літаральна ва ўсе напрамкі сферы і напрамкі культуры. Умовы, пры якіх давялося будаваць работу ўстаноў культуры, выявілі слабыя і моцныя бакі развіцця галіны і ў вялікай ступені аказалі ўплыў на фарміраванне новай праграмы", - падкрэсліў Дзяніс Язерскі.-0-

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ