Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Культура
Культура

Гомельскі маладзёжны тэатр завершыць сезон прэм'ерай "Дзядзька Ваня"

27.07.2020
Гомель /Кар. БЕЛТА/. У Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры ідуць рэпетыцыі спектакля "Дзядзька Ваня" паводле п'есы Антона Чэхава. Прэм'ерай тэатр завершыць 28-ы сезон, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар тэатра Алена Маставенка.
Ці можа адзін чалавек змяніць свет у адной сям'і і вакол яе, калі сям'я гэтага не хоча? Што можа быць больш пакутлівым, чым пытанні пра сэнс уласнага жыцця самому сабе? Адказ на гэтыя і іншыя пытанні - у новым спектаклі маладзёжнага тэатра.
"П'еса "Дзядзька Ваня" напісана больш за сто гадоў таму, але надзіва востра гучыць у нашы дні. Героі п'есы шмат гавораць, шмат думаюць, шмат спрачаюцца. Але ў спрэчцы не нараджаецца ісціна. Таму што гэта спрэчка - барацьба старога жыцця з новым, у якім ніхто не чуе адзін аднаго, але ахвотна знаходзяцца вінаватыя", - адзначыла Алена Маставенка.
Сам Чэхаў не канкрэтызуе жанр п'есы, даючы азначэнне "сцэны з вясковага жыцця". Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Віталь Краўчанка называе гэтыя сцэны трагікамічнымі. "Лёсы ўсіх герояў па сутнасці трагічныя або блізкія да гэтага, але якія ж яны смешныя і недарэчныя ў сваім трагізме. Для мяне гэта вельмі смешная гісторыя, асабліва калі героі носяцца са сваімі трагедыямі як з пісанай торбай, замест таго каб гэту трагедыю прадухіліць", - сказаў ён.
Разам з рэжысёрам над пастаноўкай працуе добра вядомая гледачам Гомеля творчая каманда: мастак-сцэнограф Хрысціна Баранава, мастак па касцюмах Таццяна Лісавенка.
"Гэта пастаноўка прадаўжае размову на тэму выбару і адказнасці, пачатую рэжысёрам Віталем Краўчанкам у папярэдніх спектаклях тэатра", - дадала Алена Маставенка.
Прэм'ерныя паказы запланаваны на 6 і 7 жніўня.-0-
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ