Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Культура
Культура

Фотавыстава з подыхам Поўначы адкрыецца ў Гомелі 15 студзеня

14.01.2021
14 студзеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Фотавыстава "Ключнікаў. Вяртанне" адкрыецца ў Музеі гісторыі друку і фатаграфіі Гомельшчыны 15 студзеня, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

У экспазіцыі сабраны вядомыя работы аўтара і тыя, што раней не дэманстраваліся. На фатаграфіях - беларускія нафтавікі і неймавернай прыгажосці прырода Поўначы: рэкі, лясы, азёры, горы. Унікальныя чорна-белыя здымкі, надрукаваныя аўтарам.

Аляксандр Ключнікаў - ураджэнец Рэчыцы, музыкант, даследчык Поўначы, таленавіты фотамастак, які частку свайго жыцця аддаў рабоце ў "Беларуснафце". Доўгі час жыў з сям'ёй на Камчатцы. У камандзіроўках па Каракскай аўтаномнай акрузе наведваў вёскі, аленегадоўчыя брыгады. Заняткі і абрады абарыгенаў сталі галоўнай тэмай яго творчасці. Работы Аляксандра Ключнікава публікаваліся ў "Камчатской правде", "Корякском коммунисте". А яго дакументальныя фільмы пра традыцыі паўночнікаў набываў этнаграфічны музей у Ленінградзе.

Праз 14 гадоў Аляксандр Ключнікаў з сям'ёй вярнуўся ў Рэчыцу. Працаваў на заводзе "Рытм", потым - дэфектаскапістам у Рэчыцкім упраўленні разведачнага свідравання. У 1980-1990-я гады работы гэтага фотамастака, пазаштатнага аўтара газеты "Нефтяник" публікаваліся ў розных выданнях краіны. Сярод іх - газеты "Правда", "Звязда", "Знамя юности". Яго каларытныя, запамінальныя фотаілюстрацыі ўвайшлі ў кнігу "Нафтавая жамчужына Беларусі". А здымкі, зробленыя на Вынгапураўскім і Навагоднім радовішчах, сталі сапраўдным фоталетапісам нафтаздабычы ў Заходняй Сібіры.

Работы аўтара дэманстраваліся на шматлікіх выставах у гарадах СССР і за мяжой. "Цяперашняя фотавыстава - гэта своеасаблівае вяртанне нашага земляка Аляксандра Ключнікава на радзіму, адкрыццё творчасці гэтага таленавітага майстра для шырокай публікі", - расказалі ў музеі.

Арганізатары выставы - Музей гісторыі горада Гомеля, дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта".

Адчуць подых Поўначы праз фота можна да 15 лютага.-0-

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ